Беларусы не ўбачаць стартавы матч БАТЭ ў Лізе чэмпіёнаў

Беларускія тэлекампаніі не набылі правы на трансляцыю. Затое матч у адказ нам пакажуць у жывым эфіры. У аўторак, 14 ліпеня, барысаўскі БАТЭ адразу з другога кваліфікацыйнага раўнду стартуе ў Лізе чэмпіёнаў. Беларусы згуляюць у Скоп’і супраць мясцовай “Македоніі”. На жаль, гэты матч на тэрыторыі нашай краіны не пакажуць.

Белдзяржтэлерадыёкампанія не набыла правы на выязную гульню беларускай каманды. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў дырэкцыі спартовага вяшчання тэлеканала:

“Мы не паказваем, бо гэта выязны матч. Хатні матч 21 ліпеня мы пакажам, таму што там мы з клубам дамовіліся на трансляцыю. А гасцявы матч… Мы правы не набылі”.

Дарэчы, напярэдадні гульні букмекеры аддаюць перавагу беларускай камандзе. Прычым, большасць схіляецца да таго, што БАТЭ пераможа з лікам 2:1.

Фота: photo.bymedia.net