Беларусы ўдвох скранулі з месца Іл-76 і цягнулі яго тры метры
13 ліпеня беларускія асілкі Кірыла Шымко і Павел Сарока паставілі ў нацыянальным аэрапорце "Мінск" чарговы рэкорд Беларусі ў экстрэмальным сілавым шматбор'і.
Волаты, якія пры пачатку вясны здолелі скрануць з месца і працягнуць на працягу хвіліны на адлегласць 6,5 метраў чыгуначны састаў з пяці пасажырскіх вагонаў, вагой у 250-тоны, для чарговага ўнікальнага дасягнення абралі грузавы самалёт. Хлопцы ўзялі на буксір самалёт Іл-76 вагой каля 150 тон.
Пры дапамозе асабліва трывалых рамянёў, якія былі прымацаваныя да паясоў на целах спартоўцаў, асілкі з першай спробы скранулі з месца вялізны авіялайнер. Пасля, караскаючыся па прымацаваных да лётнага поля адмысловым лесвіцам, яны працягнулі Іл-76 на вызначаную адміністрацыяй аэрапорта адлегласць – каля трох метраў.
"БелТА"