Беларусы “ваююць” ва ўкраінскіх лясах (фота, відэа)
З 9 па 12 траўня ў лясах Валынскай вобласці Украіны будзе праходзіць гульня “Звыцяга-2013”.
На мерапрыемства прыехала 200 чалавек з розных рэгіёнаў Украіны і Беларусі, паведамляе ВолиньPost.
Арганізатарам гульні выступае ўсеўкраінская моладзевая арганізацыя “Нацыянальны Альянс”. Цягам трох дзён моладзь будзе спаборнічаць і жыць у палявых умовах, набліжаных да ўмоў жыцця воінаў Украінскай паўстанцкай арміі.
Усе ўдзельнікі гульні былі падзеленыя на дзве каманды. Кожная з іх мае свой сцяг і лагер, дзе захоўваецца сцяг. Галоўная задача ў гульні — захапіць сцяг варожай каманды і пратрымаць яго ў сябе да заканчэння гульні, пры гэтым не страціўшы свой сцяг. Падчас змагання каманды ўступаюць у баі, у якіх жыццё кожнага байца — гэта нарукаўная павязка. Калі супернік яе зрывае, то баец гіне. Калі да заканчэння гульні ніхто з камандаў не скрадзе чужы сцяг, каманда-пераможца будзе вызначана па колькасці жывых байцоў.
Сёлета гульня прымеркавана 70-й гадавіны Колкаўскай рэспублікі. Гэта рэспубліка, якая ўтварылася ў красавіку 1943 года на вызваленых украінскімі паўстанцамі ад нацыстаў тэрыторыях. У яе межы ўваходзілі чатыры раёны Валынскай і адзін раён Ровенскай абласцей. Рэспубліка праіснавала паўгода.





