Беларусы замежжа заснавалі прэмію імя Ігната Дварчаніна

Паводле прэс-сакратаркі аб’яднання Таццяны Печанко, прэмія заснаваная з нагоды 115-годдзя з дня нараджэння выбітнага беларускага дзеяча Ігната Дварчаніна для падтрымкі і папулярызацыі даследаванняў і публікацый, прысвечаных гісторыі і культуры беларускага замежжа.
 
Плануецца, што па выніках папярэдняга году прэмія будзе ўручацца штогод 27 траўня — у дзень нараджэння Дварчаніна. Будзе тры намінацыі — даследчая праца, даследчы артыкул і публікацыя спадчыны беларускага замежжа, паведамляе БелаПАН.

Ігнат Дварчанін — дзеяч беларускага нацыянальнага руху, палітык, гісторык, літаратуразнаўца і паэт. Удзельнічаў у нацыянальных арганізацыях у беларускім асяродку замежжа. У 1926 годзе ў Празе абараніў доктарскую дысертацыю “Францыск Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай глебе”.