Беларусы застануцца і без еўрапейскага віна?

У беларускім грамадстве распаўсюдзіліся чуткі, што з 1 красавіка ў Беларусь будзе забаронены імпарт еўрапейскага віна. Пасля прыгод з малдоўскім віном у гэта насамрэч вельмі лёгка паверыць. Еўрарадыё вырашыла даведацца, наколькі праўдзівай з’яўляецца гэтая інфармацыя. Мы звярнуліся па каментар у Міністэрства гандлю, але там адмовіліся як-небудзь выказвацца на гэтую тэму.

Тады Еўрарадыё звярнулася непасрэдна да кампаній-імпарцёраў еўрапейскага віна ў Беларусь. Вось што расказала нам Святлана, мэнэджэр кампаніі “Брандко”:

“Міністэрства гандлю выдзеліла нам квоты на ажыццяўленне ўвозу ў краіну еўрапейскага віна ў бутэльках. Нас перанакіравалі з экспарту малдоўскага віна на еўрапейскае, як яны здольны забароніць нам імпарт?

Учора мы атрымалі ліцэнзію на завоз у Беларусь еўрапейскага віна з Гішпаніі. Таксама на імпарт віна з Венгрыі. Ліцэнзія дзейнічае да канца года.”


Пра магчымыя планы Міністэрства гандлю распавядае Аляксей Шаўцоў, намеснік дырэктара па рэалізацыі кампаніі “Класічныя віны”. Ён расказаў нам, што ў беларускага Міністэрства гандлю ёсць пэўныя планы па забароне імпарту ардынарнага еўрапейскага віна.

Алексей Шаўцоў: “Першы раз чую пра магчымую забарону імпарту еўрапейскага віна. Першапачатковай ідэяй Мінгандлю была забарона ўвозу малдоўскага віна. Другой – забарона імпарту ардынарных вінаў.

Але ж за першы квартал дазвалялася завозіць чвэрць гадавой квоты. Мінгандаль ў гэтым пытанні арыентуецца на СТБ. Там жа прапісаны толькі тэрмін “вытрыманыя” віны. Такім з’яўляецца віно з абавязковай вытрымкай не менш за 6 месяцаў.

Што цікава, дык гэта тое, што да ардынарных далучылі і сталовыя віны. У тым ліку вядомая французская марка сталовага віна “Vin de Table”.


Па версіі Аляксея Шаўцова, тут непасрэдную ролю можа адыграць дзяржаўная праграма імпартазамяшчэння:

“Асноўная ідэя – гэта тое, што наша краіна здольна сама , на месцы, разліваць сталовыя ардынарныя віны, выкарыстоўвая прывазны вінаматэрыял. Суадносна імпартавацца павінны толькі якасныя марачныя віны.

Другая частка гэтых планаў здзейснілася ў тым плане, што дазваляюць імпартаваць толькі вытрыманыя віны. Але што тычыцца розліву на месцы, то, наколькі мне вядома, існуе вялікая праблема: “дзе дастаць гэтыя вінаматэрыялы?” пасля таго, як былі перарваны адносіны з Малдовай.

Наконт Беларусі сярод імпарцёраў існуе папулярны пункт погляду, што тут немагчыма разліваць што-небудзь якаснае ў прынцыпе”.


Такім чынам, на гэты момант чуткі наконт забароны імпарту еўрапейскага віна пакуль не пацвярджаюцца. Але ж Еўрарадыё будзе працягваць сачыць за крокамі нашай дзяржавы на ніве віннай прадукцыі.

Фота — picture.nm.ru