"Белтэлекам" некалькі гадзінаў шукаў пастаўшчыка LSD

23 ліпеня на сайце РУП "Белтэлекам" у рубрыцы "Абвесткі пра закупкі" з'явілася новае "запрашэнне на ўдзел у закупцы". Беларускі ўладальнік камунікацыйных сетак шукаў прадпрыемства, якое б на найбольш выгодных умовах здзейсніла пастаўку... "LSD-тэлевізара Panasonic TX-26LX60P ці аналага ў колькасці 1 шт." Навіна пра тое, што "Белтэлекаму" патрэбны "26-цалёвы глюк" разам са скрыншотам абвесткі імгненна абляцела беларускія блогі. Адрукоўка на сайце была выпраўленая праз некалькі гадзінаў.