Беражкоў: Спартовыя санкцыі супраць Беларусі — глупства

У інтэрв’ю Еўрарадыё галоўны рэдактар газеты “Прессбол” расказаў пра немагчымасць санкцый у спорце супраць Беларусі, а таксама пра тое, ці складана рабіць незалежную спартовую газету ў нашай краіне. Гутарка прысвячалася юбілею газеты, якой днямі спаўняецца 20 год. Прапанову старшыні Еўрапарламента Ежы Бузэка выключыць Беларусь з міжнародных спартовых мерапрыемстваў (Алімпіяды і Кубку свету) рэдактар “Прэсболу” назваў глупствам.

Уладзімір Беражкоў
: “Рабіць такія заявы можа толькі палітык. Спорт павінен ісці асобна ад палітыкі. Гэта зусім розныя рэчы. Я 8 год быў віцэ-прэзідэнтам Федэрацыі хакею Беларусі, працаваў у міжнародных структурах. Я ведаю кухню…

І калі мне сёння кажуць, што з-за палітычнай сітуацыі ў Мінску можа не прайсці чэмпіянат свету ў 2014 годзе, мне становіцца смешна. У Міжнароднай федэрацыі па хакеі ёсць свае фінансавыя і спартовыя інтарэсы, ёсць дамоўленасці і кантракты з фірмамі... Ніякая палітычная структура не зможа правесці чэмпіянат замест спартовай структуры. Я да такіх заяваў стаўлюся з усмешкай”.

Нагадаем, днямі вядучая беларуская спартовая газета “Прессбол” святкуе сваё 20 годдзе. Яе галоўны рэдактар Уладзімір Беражкоў кажа, што пазбягае палітычных тэмаў на старонках свайго выдання.

Уладзімір Беражкоў: “Я не магу гандляваць апельсінамі ці мандарынамі, калі маю ліцэнзію на кнігі. І калі да мяне прыходзіць чалавек і хоча даведацца штосьці пра спорт, а я яму кажу, што замест гэтага пачытайце пра плошчу, выбары ці сэкс — гэта ў маім разуменні немагчыма.

Як грамадзянін я магу разважаць на розныя тэмы, але як журналіст спартовай газеты я мушу адказваць на пытанні тых, хто мне плоціць грошы. Мяне кормяць чытачы, якія хочуць бачыць на старонках газеты вычарпальную інфармацыю пра спартовыя падзеі”.

Еўрарадыё: Цяжка рабіць незалежную спартовую газету ў Беларусі?

Уладзімір Беражкоў: “Калі справа прыносіць задавальненне і асалоду, то яна ніколі не здаецца цяжкай. Я з асалодай прыгадваю ўсе мае гады ў рэдакцыі і ўсе артыкулы, што я напісаў. Сёння ў мяне шмат натхнення і новых творчых задумак. І я ганаруся тым, што працаваў 20 год разам з маімі журналістамі, маімі добрымі сябрамі”.

За 20 год існавання “Прессбола” ў газеты было каля 100 судоў. “Па сваёй віне мы не прайгралі амаль ніводнай судовай справы”, —  кажа Уладзімір Беражкоў:

“На факультэце журналістыкі працаваў выдатны прафесар Барыс Стральцоў. Ён казаў, што журналістыка — гэта кавалачкі жыцця. Спорт — гэта таксама кавалачак жыцця, якое не можа быць толькі ружовым. І калі б мы не пісалі пра штосьці толькі дзеля таго, каб захаваць сваю пятую кропку, то гэта не была б журналістыка і не быў бы той “Прессбол”, які мы заснавалі ў 1991 годзе”.

Еўрарадыё: Вы асабіста знаёмыя з большасцю нашых беларускіх спартоўцаў. Ці ёсць сярод іх тыя, пра каго вы б не хацелі даваць негатыўную інфармацыю, нават калі яны даюць для гэтага падставы?

Уладзімір Беражкоў: “Безумоўна, усе мы людзі. І сярод спартоўцаў ёсць мае лепшыя сябры, нават сябры дзяцінства. Але ўсе яны таму і з’яўляюцца маімі сябрамі, бо разумеюць мой статус. Разумеюць, што ў мяне такая праца, што я выбраў такую прафесію. Спачатку ўзнікалі нейкія крыўды, але зараз гэта ўсё сышло”.

Апошні тыдзень на старонках “Прессбола” друкуюцца віншаванні ад чытачоў і прыхільнікаў газеты. Ахвотных павіншаваць юбіляра так шмат, што нават не хапае месца, кажа Беражкоў.

Калектыў Еўрарадыё далучаецца да віншаванняў з юбілеем!