Берлусконі падтрымае санкцыі ЕС супраць Беларусі

Прэм'ер-міністр Італіі Сільвіё Берлусконі больш не пярэчыць супраць аднаўлення санкцый Еўрасаюза супраць Беларусі.  Пра гэта паведамляе Рэйтэр са спасылкай на крыніцу, якая прысутнічала сёння на сустрэчы Берлусконі з канцлерам Нямеччыны Ангелай Меркель ў Берліне.

Берлусконі запэўніў Меркель ў тым, што перастане блакаваць патрабаванні Нямеччыны забараніць ўезд у ЕС ключавых фігураў з урада Лукашэнкі.

Яшчэ на мінулым тыдні італьянскі прэм'ер выказваўся супраць хоць нейкіх санкцыяў у адказ на жорсткае падаўленне масавых пратэстаў у Мінску пасля прэзідэнцкіх выбараў.