Беспарадкі ў Лівіі: у Трыпалі ўвялі надзвычайнае становішча

Мясцовае насельніцтва і ўрадавыя сілы супрацьстаяць баевікам. У часе іх сутыкненняў загінула болей за 40 чалавек. Напярэдадні, у суботу ў беспарадкі ўмяшаліся вайсковыя падраздзяленні. Пры падтрымцы мясцовага апалчэння яны атакавалі базу ўзброеных паўстанцаў у цэнтральным раёне Гаргур. У пятніцу ля гэтай базы адбылася шматтысячная дэманстрацыя, удзельнікі якой патрабавалі сыходу баевікоў з гораду. Баевікі ў адказ зрабілі некалькі стрэлаў у паветра, а потым адкрылі агонь па дэманстрантах.



Перастрэлкі адбываюцца таксама ў горадзе Таджура, які знаходзіцца на ўсходзе ад Трыпалі і праз які новыя групы баевікоў з гораду Місурата спрабуюць трапіць у сталіцу.



Цэнтральны ўрад Лівіі знаходзіцца пад пастаянным ціскам з боку розных узброеных груповак. Гэтыя групоўкі фактычна падзялілі краіну на некалькі зон уплыву пасля звяржэння прэзідэнта Муамара Кадафі, якое адбылося два гады таму, паведамляюць замежныя інфармагенцтвы.