Беспілотны аўтамабіль Google упершыню стаў вінаватым у ДТЗ
У амерыканскім штаце Каліфорнія самакіраваны аўтамабіль Google сутыкнуўся з аўтобусам. Гэта першы выпадак, калі беспілотнае аўто кампаніі становіцца вінаватым у ДТЗ, адзначае РБК.
У заяве кампаніі гаворыцца, што аварыя адбылася 14 лютага. Аўтамабіль мадэлі Lexus RX450h сутыкнуўся з муніцыпальным аўтобусам, калі спрабаваў аб'ехаць некалькі мяхоў з пяском на праезнай частцы. Пры аварыі быў пашкоджаны левы борт аўтобуса, пярэдняе кола і пярэдні датчык кіроўцы. Пацярпелых няма.
Кампанія Google прызнала "частковую адказнасць" за здарэнне. Па словах экспертаў кампаніі, калі б іх аўтамабіль не рабіў манеўру, то сутыкнення не было б. Таксама ў Google абяцаюць абнавіць праграмнае забеспячэнне, каб пазбегнуць новых падобных выпадкаў у будучыні.
За некалькі гадоў тэставання, у тым ліку на ажыўленых вуліцах і дарогах, самакіраваныя аўтамабілі Google раней ужо траплялі ў нязначныя ДТЗ. Але кожны раз гэта было не па іх віне.