БХД абвясціла, што "Рэжым аб'явіў вайну БХД"

Аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" распаўсюдзіў заяву пад назвай "Рэжым абвясціў вайну БХД". У ёй партыйцы канстатуюць ціск і рэпрэсіі з боку ўладаў, але выказваюць намер, не зважаючы ні на што, працягваць удзел у мясцовых выбарах. У заяве адзначаецца, што за апошнія тыдні дзесяткі актывістаў, "у першую чаргу вылучэнцы на мясцовых выбарах ды сябры іхных ініцыятыўных групаў", адчулі "зазналі ўціск і адкрытыя рэпрэсіі з боку ўладаў".

У прыватнасці, "13 лютага, праз дзень пасля сустрэчы, прысвечанай выбарчай кампаніі, супрацоўнікі Магілёўскай вайсковай пракуратуры абвінавацілі пастара Пятра Маланачкіна (г. Горкі) у “дачы хабару”.

15-16 лютага Віцебская гарадская выбарчая камісія сустрэла вылучэнцаў ад БХД Настассю Сотнікаву і Максіма Анфілава пагрозамі і лаянкай, спрабуючы перашкодзіць рэгістрацыі ініцыятыўных групаў.

18 лютага быў звольнены з працы патэнцыйны кандыдат ад БХД з Баранавічаў Аляксандр Кабяк.

19 лютага Кастрычніцкі суд Віцебска прысудзіў да 6 месяцаў арышту і вялізнага штрафу Алега Сургана: актывіста БХД, які вывешваў бел-чырвона-белы сцяг, абвінавацілі ў тым, што ён нібыта ўкусіў міліцыянта за палец".

1 сакавіка стала вядома, што бабруйскі КДБ распачаў крымінальную справу супраць актывісткі БХД Вольгі Сьянавай.

3 сакавіка ў мінскім метро быў затрыманы і асуджаны на 15 сутак арышту вылучаны ў Жодзінскі гарсавет Андрусь Кашэўскі. Такім спосабам актывісту БХД перашкодзілі здаць дакументы на рэгістрацыю як кандыдату.

Некалькі прэтэндэнтаў на дэпутацтва ад БХД сутыкнуліся з пагрозамі звальнення з працы.

Аргкамітэт па стварэнні партыі БХД заяўляе, што пагрозы і ціск не спыняць хрысціянска-дэмакратычную палітычную кампанію. Па ўсёй краіне працягваюць працаваць 200 ініцыятыўных групаў, створаных хрысціянскімі дэмакратамі.