БХК правёў акцыю супраць расізму

3 красавіка ў Мінску прайшла акцыя супраць расізму і нецярпімасці пад лозунгам "Усе розныя і ўсе роўныя", якую арганізавала грамадскае аб'яднанне "Беларускі Хельсінкскі камітэт".

Валанцёры БХК і сябры арганізацыі, усяго прыкладна 15 чалавек, сабраліся ў 17.00 на пляцоўцы каля Дома мод на вуліцы Няміга і запусцілі ў неба дзесяткі рознакаляровых паветраных шароў. Яны таксама раздавалі прахожым паштоўкі, прысвечаныя праблеме нацыянальнай і расавай нецярпімасці.
Як растлумачыла БелаПАН адна з арганізатараў акцыі Таццяна Кацура, у мінулую пятніцу завяршыўся Еўрапейскі тыдзень супраць расізму і ксенафобіі. І паколькі супрацоўнікі праваахоўных органаў не дазволілі ажыццявіць гэтую акцыю 27 сакавіка, актывісты БХК вырашылі правесці яе праз тыдзень на тым жа месцы. "Нашы дзеянні не супярэчаць заканадаўству", — зазначыла дзяўчына.

За акцыяй назіралі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, яны вялі відэаздымкі, аднак не ўмешваліся. Акцыя доўжылася прыкладна паўгадзіны, ніхто з яе ўдзельнікаў затрыманы не быў.