Блогі — дапамога для журналістаў або загана?

Як уплывае інтэрнэт і блогі на беларускіх журналістаў, абмеркавалі ўдзельнікі семінара “Прафесійная этыка журналіста у зменлівым медыа-ландшафце”. Меркаванні разышліся. Адны лічаць, што блогі — безумоўна, падмога для журналістаў; іншыя ўпэўненыя, што журналісты — “самыя працаздольныя гультаі на свеце”, і дапамога блогераў іх толькі разбэшчвае.

Блогер — гэта не журналіст, адзначыў у сваім дакладзе Віталь Цыганкоў, журналіст Радыё “Свабода”:

“Іншая рэч, калі прафесійны журналіст вядзе свой блог. Самы яркі прыклад у Беларусі — гэта Святлана Калінкіна, калі кожны яе допіс — гэта фактычна закончаны гатовы матэрыял публіцыстычны ці інфармацыйны. І гэта ўжо іншая сітуацыя, калі журналіст знаходзіць новую базу для пашырэння сваёй прафесійнай дзейнасці, для сваёй альтэрнатывы”.



Блогі — дапамога або загана?

Тут меркаванні ўдзельнікаў семінару разышліся. Віталь Цыганкоў, напрыклад, лічыць, што у нас пакуль няма блогаў, якія можна было б назваць СМІ, і што блогі — гэта толькі дапамога да існуючых СМІ. А намеснік старшыні БАЖ Андрэй Аляксандраў мяркуе, што блогі разбэшчваюць лянівых журналістаў.




Ці заменяць блогі журналістыку?

Блогі не змогуць замяніць журналістыку, упэўнены Андрэй Аляксандраў:

“Раней, каб рабіць СМІ і быць журналістам, трэба было адпрацаваць у газеце, патрэбная была друкарня, складанае абсталяванне. Цяпер падлетак з фотакамерай і лэптопам можа завесці блог і лічыць сябе журналістам. Мы адметныя тым, што ў нас ёсць свае прафесійныя стандарты, якія і адрозніваюць журналіста ад усяго астатняга”.