Бо Дзідлі зрабілі рок-н-рольнае пахаванне

Сваякі, сябры і прыхільнікі Бо Дзідлі праводзілі знакамітага музыку, які памёр 2 чэрвеня ва ўзросце 79 гадоў, у апошні шлях. Пахаванне, якое адбылося 7 чэрвеня ў Гейнсвіле, прайшло даволі нестандартна - з музыкай, песнямі і скокамі, што, напэўна, было б да душы жыццярадаснай натуры піянера рок-н-рола.

У той час як сваякі развітваліся з целам каля труны, госпел-гурт выконваў песні Дзідлі, а сотні прысутных там сяброў і фэнаў пляскалі і падпявалі «Hey, Bo Diddley». Развітацца з вялікім музыкам прыйшоў былы вакаліст The Animals Эрык Бэрдан, а Джордж Тарагуд, Том Пэці і Джэры Лі Люіс даслалі вянкі.

Свае спачуванні з нагоды смерці Бо Дзідлі даслалі таксама сэр Мік Джагер, Роберт Плант і Бі Бі Кінг. Джагер, у прыватнасці, адзначыў, што спявак быў «грандыёзнай сілай у музыцы» і аказаў вялікі ўплыў на Rolling Stones.

Пасля пахавання адбыўся трыб'ют-канцэрт, у якім прынялі ўдзел музыкі гастрольнага гурта Бо Дзідлі.

Акрамя таго, стала вядома, што Дзідлі будзе прысвоена ганаровая ступень ад універсітэта Фларыды. Музыка не дажыў некалькі дзён да ўрачыстай цырымоніі ўручэння ўзнагароды. Працэс афармлення ступені пачаўся за некалькі дзён да яго смерці.

Фота: www.canoe.com