Bo Promo сыходзіць у адпачынак і мяняе канцэпцыю

Аляксандр Багданаў (Папа Бо) назваў Еўрарадыё магчымыя варыянты будучай працы агенцтва, распавёў пра праблемы канцэртнай дзейнасці ў Беларусі і прыадкрыў таямніцу святкавання пяцігоддзя кампаніі. Пасля святкавання свайго пятага Дня нараджэння, якое адбудзецца 30 красавіка ў “Рэактары”, агенцтва Bo Promo збіраецца часова прыпыніць сваю канцэртную дзейнасць.
Прааналізаваўшы апошнія канцэртныя тэндэнцыі ў Беларусі, кіраўнік агенцтва і прадзюсер Аляксандр Багданаў(Папа Бо) вырашыў кінуць свае намаганні на прасоўванне беларускіх гуртоў за мяжу і з’явіцца з новымі ідэямі ў новым сезоне.

Папа Бо: “Я лічу, што ў Мінску людзі сталі мала хадзіць на канцэрты, бо знянацку з’явілася шмат канцэртаў. Таму мы прыпынім зараз канцэртную дзейнасць і зоймемся прасоўваннем нашых каманд на Захад, у Расію і ва Ўкраіну. Я спадзяюся, што гэтым мы толькі папоўнім наш рэсурс фізічны, маральны і матэрыяльны, і працягнем у новым сезоне ў іншай якасці нашу дзейнасць у Мінску”.

Адзін з варыянтаў новай якасці Bo Promo – перавод творчага аб’яднання ва ўнітарнае прадпрыемства, адпаведна, і іншы падыход да арганізацыі канцэртаў.

Папа Бо: “Зрабіць канцэрты некалькі іншага ўзроўню, напрыклад, рабіць не чатыры канцэрты ў месяц, а адзін, але вялікі. Альбо, наадварот, перавесці ўсё на маленькія, камерныя, падпольныя, шматлікія канцэрты”.

Да новага канцэртнага сезону досыць часу, таму ідэолагі Bo Promo разглядаюць усе магчымыя і немагчымыя варыянты абнаўлення канцэпцыі кампаніі. Сам жа Бо вырашыў спыніцца на працы з найбольш перспектыўным, па яго словах, гуртом “Серебряная свадьба”.

Папа Бо: “На дадзены момант у мяне не хапае рэсурсаў, каб займацца 14 гуртамі. Па-ранейшаму не хапае чалавечага рэсурсу. Таму я хачу скіраваць высілкі ў накірунку найбольш выгодным і найбольш перспектыўным”.

Паводле Бо, астатнія 13 гуртоў-выхаванцаў Bo Promo часова апынуцца ў вольным плаванні, іх канцэртная дзейнасць будзе залежыць ад самаарганізацыі альбо ад запрашэнняў арганізатараў канцэртаў і фэстаў.

Галоўную праблему абыякавасці мінскай публікі да канцэртаў Бо бачыць у адсутнасці добрых канцэртных месцаў у сталіцы.

Папа Бо: “Патрэбна добрае канцэртнае месца з добрымі ўмовамі для прамоўтэраў, для гуртоў, для выступу жывых альтэрнатыўных каманд. На дадзены момант Мінску бракуе падобнага месца, і таму людзям нецікава хадзіць на звычайныя канцэртны пляцоўкі, якія нельга назваць клубамі ў поўнай меры”.

Святкаванне пяцігоддзя Bo Promo мае адбыцца на двух танцполах у фармаце “вечар-ноч” з удзелам гуртоў “Серебряная Свадьба”, “Кассиопея”, ROCKERJOKER, CherryVata, піцерскіх каманд Chikiss і Padla Bear Outfit і мноства дыджэяў. Таксама Бо абяцае сюрпрызы – выступы незаяўленых у лайнапе гуртоў.

Папа Бо: “Гэтыя гурты мала выступаюць у Беларусі. Кожны іх новы выступ тут – як свята!”

30 красавіка, клуб “Рэактар”, пачатак у 20.00. Квіткі: 30 000 (папярэдне), 40 000 (у дзень канцэрта), 60 000 (столікі). Даведкі па тэлефонах: +375 29 7002244 +375 29 1212 524.