Боб Дылан атрымаў Prince of Asturias Arts Award

66-гадовы амерыканскі музыка, спявак і паэта Боб Дылан стаў лаўрэатам Prince of Asturias Arts Award, адной з самых ганаровых гішпанскіх узнагарод. Паводле словаў старшыні журы Хасэ Лладо, "Дылан з’яўляецца жывой легендай папулярнай музыкі, прыкладам для цэлых пакаленняў, якія марылі змяніць свет".

Дадам, што ўзнагароду выканаўца атрымае ў кастрычніку 2007 года ў горадзе Овіедо (Oviedo).

Для тых, хто не ведае - прэмія Prince of Asturias Awards уручаецца штогод з 1981 года за спартовыя, мастацкія, навуковыі і гуманітарныя дасягненні. Да Дылана лаўрэатамі ўзнагароды ў галіне мастацтва былі Пэдро Альмадовар, Вудзі Алэн, Майя Плісецкая, Хосэ Карэрас і Пласіда Дамінга.

Нагадаю, што сапраўднае імя Боба Дылана - Роберт Алэн Цімерман. За сваю музычную кар’еру ён выдаў больш за 40 альбомаў, а слава кампазітара, спевака і выканаўцы фолк-пратэсту прыйшла да яго ў 60-я гады.

Фота: vip.tv2.dk