“бог” з вялікай – не заўсёды, а “Прэзідэнт” – заўсёды”

12 ліпеня на паседжанні Пастаяннай камiсiі па адукацыi дэпутаты Палаты прадстаўнiкоў ухвалiлі праект закона “Аб правiлах беларускай арфаграфii i пунктуацыi” i рэкамендавалі яго да восеньскай сесii парламента. Тэма новых “Правілаў” мовы адразу ж стала адной з самых папулярных у беларускіх СМІ, асабліва гэта тычыцца незалежных беларускамоўных выданняў, бо менавіта яны стануцца галоўнымі пацярпелымі ў выпадку прыняцця такога закона.
Амаль усе незалежныя выданні звярнуліся па каментары да старшыні камісіі па адукацыі Уладзіміра Здановіча. Так, замест таго, каб адказваць на звыклыя для сябе і натуральныя ў такую пару пытанні (пра паступленне), Здановічу прыйшлося “аддувацца” за астатніх сваіх калегаў, якія знаходзяцца ў летнім адпачынку.

У дэпутатаў цяпер вакацыі. Тым больш не зразумела, чаму і навошта гэтую тэму паднялі менавіта цяпер? Да чаго такая спешка? Чаму б не пачакаць хаця б да восені?

Гэтыя пытанні так і засталіся без адказу, бо журналісты, якія асвятлялі тэму, не звярнулі ўвагі на гэтую акалічнасць. Іх пераважна цікавілі два пытанні: ці будуць перакладаць з “тарашкевіцы” творы беларускіх пісьменнікаў, і ці будуць штрафаваць за карыстанне класічным правапісам?

Каментуе Здановіч “Камсамольскай праўдзе ў Беларусі”: “Зразумела, аўтарскага стылю новыя правілы датычыцца не будуць. Мы ж не будзем перапісваць, напрыклад, Багдановіча, які ў «Слуцкіх ткачыхах» напісаў: «Цьвяток радзiмы васiлька», хоць усе мы ведаем, што па-беларуску будзе не цвяток, а кветка”.

Што датычыцца пытання пра штрафы, то ўсе СМІ пісалі пра адміністрацыйную адказнасць, але так і засталося незразумелым, за што ж менавіта будуць штрафаваць?

Журналіст “Еўрарадыё” Зміцер Траўчук звярнуўся з гэтым пытаннем да Здановіча, і той адказаў, што аўтары змогуць і надалей выкарыстоўваць пры напісанні сваіх твораў любы правапіс. Але за каментары чыноўнікаў, перакладзеныя на “тарашкевіцу”, трэба будзе несці адміністрацыйную адказнасць.

Пытанне штрафаў сталася асабліва актуальным для газеты “Наша Ніва”. Першая беларуская газета на працягу ўсяго свайго існавання ўжывае менавіта “тарашкевіцу”. Чыноўнікі ж лічаць гэта “разбуральным фактарам таго падмурку, на якім грунтуецца літаратурная беларуская мова”.

У 1998 годзе была спроба “навесцi парадак” праз суд, але Вышэйшы Гаспадарчы суд прызнаў несапраўдным папярэджанне Дзяржаўнага камiтэта Рэспублiкi Беларусь па друку да газеты “Наша нiва” “за парушэнне агульнапрынятых норм мовы”, а далейшыя спробы перагледзець рашэнне суда ў парадку нагляду засталiся безвынiковымi.

Цяпер, калі Закон будзе прыняты, у дзяржавы з’явіцца вельмі зручная падстава для прэсінгу, напрыклад, той жа самай “Нашай Нівы”.

Галоўны рэдактар выдання Андрэй Скурко, у сувязі з гэтай акалічнасцю, спяшаецца запэўніць сваіх чытачоў, што: “Незалежна ад правапісу, якім мы будзем карыстацца, сваёй пазіцыі газета не зменіць”.

Наўмысна ці не, але незалежныя і залежныя СМІ падзялілі экспертаў, якія каментавалі прыняцце праекта закона. На дапамогу Здановічу прыйшоў дарадца міністра адукацыі Віктар Іўчанкаў. Менавіта ён тлумачыў сітуацыю дзяржаўнай газеце “Звязда”.

“Калі ў рамане “Вайна і мір” апусціць цвёрды знак, то будзе скарочана каля 30 працэнтаў аб’ёму...”, - прывёў цытату Даля ў інтэрв’ю “Звяздзе” Іўчанкаў. На ўдакладняльнае пытанне журналісткі Таццяны Падаляк, ці ў гэтым прычына нежадання распрацоўшчыкаў вяртаць мяккі знак, Іўчанкаў адказаў коратка і ясна: “Безумоўна”.

Безумоўна ігнараванне мяккага знаку дазволіць зэканоміць дзяржаве паперу, што безумоўна вельмі добра суадносіцца з Дырэктывай №3 “Аб эканоміі”. Але тут паўстае невялічкая супярэчнасць. Правіламі мяркуецца напісанне назваў усіх афіцыйных органаў і пасадаў з вялікай літары. Недагляд. Відавочна, што так будзе траціцца больш друкарскай фарбы, тым больш, што слова “Прэзідэнт” у беларускіх СМІ ужываецца досыць часта.

Цікавую акалічнасць, якая тычыцца ўжывання вялікай літары, заўважыў Аляксандр Класкоўскі, урывак з блогу якога змясціла на сваім сайце “Наша Ніва”: “вось так атрымоўваецца, “бог” з вялікай – не заўсёды, а “прэзідэнт” - заўсёды”.

Александр Лукашанец, дырэктар Інстытута мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, напэўна не бачыць у такой сітуацыі прыхаванай іроніі, таму сур’ёзна тлумачыць:

“Слова “прэзiдэнт” у сэнсе: кiраўнiк дзяржавы, прапануецца пiсаць з вялiкай лiтары ў любым кантэксце. Гэта датычыцца i словаў “прэм’ер-мiнiстр”, “мiтрапалiт Мiнскi i Слуцкi”... Слова “Бог” будзе пiсацца з вялiкай лiтары толькi калi азначае вышэйшую сiлу. У прымаўках, застыўшых выразах кшталту “не дай бог” рэкамендуецца пiсаць з малой”.

А Віктар Марціновіч з “Белгазеты” дык увогуле не стаў чакаць прыняцця закону, а дабраахвотна пачаў яго выконваць. Па ўласнай ініцыятыве ў рубрыцы “Пазітыў” ён напісаў артыкул “Большому человеку – большую букву”, дзе кожнае слова пачынаў з вялікай літары. Глядзіцца цікава, але чытаць немагчыма – вочы хутка стамляюцца.