Браты Вайнштэйны перанясуць кіно на сцэну

Браты Боб і Харві Вайнштэйны, саўладальнікі кінакампаніі Miramax, пачалі падрыхтоўку мюзіклаў, прызначаных для брадвейскіх тэатраў. Як піша брытанская газета The Guardian, прадзюсерскі дуэт запланаваў пяць праектаў па пераносе кінафільмаў на сцэну.

Нумар адзін у спісе Вайнштэйнаў - фільм "Finding Neverland" ("Чароўная краіна") пра аўтара "Пітэра Пэна" Джэймса Бары, які быў зняты ў 2004 годзе з удзелам Джоні Дэпа і Кэйт Уінслет. Гэты мюзікл павінен быць пастаўлены ў 2010-м.

За ім на Брадвеі з'явіцца сцэнічная версія "The Wall" ("Сцяна"), рок-оперы гурта Pink Floyd. Да гэтага мюзікла прыцягнутыя Роджэр Уотэрс і брытанскі драматург Лі Хол, аўтар "Білі Эліята".

Браты Вайнштэйны плануюць зноў запрасіць да супрацоўніцтва Тома Стопарда, каб перанесці на сцэну "Закаханага Шэкспіра", а таксама зрабіць мюзікл паводле "Шакаладу" Ласэ Хальстрэма (і запрасіць у тэатральную пастаноўку Жульет Бінош, выканаўцу галоўнай ролі ў фільме), і паставіць на сцэне "Новы кінатэатр "Парадзізф" Джузэпэ Торнаторэ.

Фота: www.time.com