Брэд Піт сыграе ў новым фільме Квенціна Таранціны

Квенцін Таранціна запрасіў Брэда Піта сыграць адну з роляў у сваім новым фільме «Ганебныя падонкі» («Inglorious Bastards»). Рэжысёр пачне здымкі свайго шостага фільма ўжо ў кастрычніку гэтага года. Брэд Піт ужо ўскосна супрацоўнічаў з Таранцінам, калі зняўся ў фільме Тоні Скота «Сапраўднае каханне», сцэнар якога і напісаў рэжысёр «Ашалелых сабак» і «Крымінальнага чытва».

Прадзюсаваць новы фільм Таранціны традыцыйна будзе кампанія братоў Вайнштэйн - The Weinstein Co, паведамляе Lenta.ru. Так, Вайнштэйны выступяць дыстрыб’ютарамі фільма ў ЗША, а за межамі краіны карцінай зоймецца адзін з галівудскіх менеджэраў, які таксама выступіць супрадзюсерам стужкі. Прапановы далучыцца да праекту таксама атрымалі кінакампаніі Universal, Sony, Warner Bros. і Paramount.

Па словах самога Таранціны, «Inglorious Bastards» - гэта «спагеці-вестэрн», дзеянне якога будзе праходзіць у Францыі часоў Другой сусветнай вайны. Фільм будзе складацца з дзвюх частак. Карціна часткова стане рымейкам італьянскай кінастужкі 1978 года Энца Кастэлары пра амерыканскіх зняволеных, якія вырашылі ў гады Другой сусветнай вайны скрасці ў немцаў ракету. Таранціна збіраецца правесці прэм'еру фільма на Канскім кінафэсце ў наступным годзе.

ww.clasno.com