Брэсцкая моладзь на Дзяды наведала магілы балахоўцаў

Брэсцкая моладзь усклала бел-чырвона-белыя букеты да памятнага знака жаўнерам генерала Булак-Балаховіча, якія загінулі ў баях з бальшавікамі ў 1920 годзе. Могілкі на сёння украпленыя ў прыватную забудову брэсцкага мікрараёна Рэчыца.
Там знайшлі свой апошні спачын некалькі сотняў балахоўцаў, якія на чале са сваім генералам на Палессі ваявалі супраць Чырвонай Арміі, у Мазыры абвяшчалі незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Надпісы на памятным знаку выкананыя па-польску і па-беларуску, на надмагіллях па-польску. Ляжаць вянкі з бел-чырвонымі колерамі: могілкамі апякуецца польскае консульства ў Брэсце.



Краязнавец Ігар Бараноўскі звярнуў увагу прысутных на разуменне польскага боку, што сярод ваякаў Булак-Балаховіча было найбольш беларусаў. Але ён указаў і на трывожны сігнал. Некаторыя надмагіллі пасля рэстаўрацыі пазбавіліся надпісу “Невядомы жаўнер групы Булак-Балаховіча”. Новая рэдакцыя такая:”Невядомы жаўнер Арміі Польскай”. Розніца істотная, зазначыў выступоўца.

2 лістапада многія з тых, хто быў на Балахоўскіх могілках, ездзілі ў Мінск на Дзяды ў Курапатах.