Брэсцкі даішнік бегаў за п'яным пешаходам-парушальнікам
Каб затрымаць парушальніка, міліцыянт начапіў на яго кайданкі.
Незвычайнае вулічнае здарэнне адбылося ўвечары 10 лютага ў Брэсце. Як паведамляе БелаПАН, на вуліцы Жукава 31-гадовы брэстаўчанін пераходзіў праезную частку ў неўстаноўленым месцы. Супрацоўнік ДАІ, які падыйшоў да парушальніка, адчуў моцны пах алкаголю. Ён папрасіў мужчыну праехаць на медагляд. Але пакуль міліцыянт сядаў у службовае аўто, брэстаўчанін выскачыў з машыны і пабег праз праезную частку па-за пешаходным пераходам.
Калі супрацоўнік ДАІ дагнаў яго, той стаў супраціўляцца і нецэнзурна лаяцца. Каб суцішыць парушальніка, міліцыянт начапіў на яго кайданкі. Медагляд у наркадыспансеры засведчыў, што мужчына быў у стане алкагольнага ап'янення. На яго склалі адміністрацыйны пратакол.
Фота — onliner.by