Брэсцкі камбінат разлічыўся з Белгазпрабанкам дыванамі

Банк прадае іх праз прафкам панчошнага камбіната і на электралямпавым заводзе. Дываны каштуюць удвая-ўтрая танней, чым у крамах.
Чутка пра магчымасць набыць дываны па смешных коштах дайшла да Еўрарадыё па народным тэлеграфе і мы адразу выправіліся на электралямпавы завод.
 
Ля прахадной электралямпавага работніца пацвердзіла: "Так, можна купіць у 2-3 разы танней, чым у магазіне. Людзі бяруць. Раней такога не было. Толькі нядаўна сталі прадаваць."

Еўрарадыё: А плаціць як?
Жанчына: "Можна адразу, а можна з растэрміноўкай на тры месяцы."
Мужчына: "За дываны грошы з зарплаты потым вылічваюць."

Вахцёры на прахадной электралямпавага заводу інфармацыю пацвердзілі.

Пасля мы падаліся на дывановы камбінат. Ніхто з адміністрацыі не захацеў гаварыць на гэтую тэму. Пагутарыць згадзіліся супрацоўнікі.

Супрацоўнік дывановага камбіната: "Калі ў нас на рахунак і трапіць што, дык за гэтымі грашыма адразу чарга. Мы скрозь запазычыліся, і хто першы грошы забярэ, невядома. Хто першы паспее, той і забярэ: ці то Беларусбанк, ці то Брэстэнерга. Не, не Белгазпрамбанк, а Беларусбанк, бо мы перайшлі нядаўна."

Потым Еўрарадыё спрабавала набыць сабе дыван на панчошным камбінаце. Ня выйшла.

Супрацоўніца панчошнага камбінату: "У нас прадавалі часова, для сваіх работнікаў. Продаж ужо завершаны."

А ў адным з аддзелаў прызналіся: "Дывановы камбінат запазычыўся Белгазпрамбанку. Тыя ўзялі доўг дыванамі. Звярнуліся да нас. Мы апыталі праз нашыя прафсаюзы, ці хочуць людзі па такім кошце ўзяць дываны. Пагадзіліся людзі, і мы ў залік заработнай платы прадалі. Вось і ўсё."

Ніхто з адміністрацыі прадпрыемстваў-ўдзельнікаў не сказаў, ці цалкам пагашаны дзякуючы гешэфту доўг. Адно вядома: склады дывановага камбінату крыху раставарыліся.

Ніводнае з прадпрыемстваў не раскашуе. Як сказалі работніцы панчошнага камбіната, ім трэба вельмі напружыцца, каб зарабіць 600 – 700 тысяч у месяц. Дывідэнды там выдаюць шкарпэткамі і панчохамі.

Электралямпавы завод працуе 4 дні на тыдзень. Вілка заробкаў складае 250 – 500 тысяч.

На дывановым наогул “трохдзёнка”. У сэнсе кадраў камбінат “ляжыць на захаванні”. Як паведаміў адзін з супрацоўнікаў, “людзі ідуць у адпачынак за свой кошт, каб ухапіць якую халтурку, альбо за 2\3 “голай” стаўкі ходзяць падпісваць з 10 да 11-ай гадзіны днёўку, а потым ідуць дахаты. Але “на кароткім павадку”, бо як выклікалі — мусіш з’явіцца. І за гэта выходзіць каля ста тысячаў у месяц”.

На здымку Андрэя Лянкевіча: баба Уладзя з вёскі Салацце Гарадзенскага раёну тчэ дываны не для заробку — для душы. Для чаго ткуць дываны на Брэсцкім камбінаце?