Брэсцкі праваабаронца абскардзіў забарону на правядзенне пікета

Брэсцкі праваабаронца Раман Кісляк абскардзіў у судзе забарону гарвыканкама на правядзенне пікета "супраць прававой недасведчанасці чыноўнікаў". Адпаведны дакумент ён накіраваў у суд Ленінскага раёна горада 28 студзеня, паведамляе БелаПАН. Заяўнік акцыі меў намер прыцягнуць увагу грамадскасці да таго, што работнікі Брэсцкага гарвыканкама выносяць рашэнні на падставе законаў, якія ўжо страцілі сілу.

Падставай для публічнага выказвання сваёй думкі стала вывучэнне Кісляком матэрыялаў аб адабранні ў жыхаркі Брэста выдзеленага ёй мясцовай уладай зямельнага ўчастка для будаўніцтва дома. Участак быў адабраны Брэсцкім гарвыканкамам на падставе рашэння, якое ўжо тры месяцы як страціла сілу .

Паводле наяўнай у Кісляка інфармацыі, у Брэсце гэта не адзінкавы выпадак.

Гадзіннае пікетаванне праваабаронца меркаваў правесці 29 снежня на плошчы Леніна. Мясцовымі ўладамі пікет быў забаронены з матывіроўкай, што па рашэнні Брэсцкага гарвыканкама месцам для правядзення масавых мерапрыемстваў вызначаны стадыён "Лакаматыў".

У сваёй скарзе праваабаронца пералічыў масавыя мерапрыемствы, якія праводзіліся ў 2010 годзе на плошчы Леніна, і прыклаў копіі інтэрнэт-старонак, якія інфармуюць аб іх.