Брэсцкія студэнты “ідуць галасаваць датэрмінова, бо прагматыкі”

Доктар мастацтвазнаўства, архітэктар Ірына Лаўроўская наведала Брэсцкі ўніверсітэт імя Пушкіна, у якім працавала, і Брэсцкі тэхнічны ўніверсітэт. Яна аддала рэктарам зварот, складзены пад уражаннем інфармацыі, што студэнтаў прымушаюць галасаваць датэрмінова.  Лаўроўская: "Я напісала гэты зварот асабіста, аддала асабіста, мы глядзелі вочы ў вочы, гаварылі прыязна, па-каляжанску. І ў мяне склалася такое ўражанне, што абодва гэтыя прафесары разумеюць нашу сітуацыю з выбарамі".

У звароце гаворыцца, што ў ВНУ з прыходам Лукашэнкі адкінутыя ўсялякія нормы выхавання, адбываецца ломка людзей, плодзіцца хлусня і гвалт. На словах кажуць пра дэмакратыю, а фактычна цынічна змушаюць галасаваць датэрмінова, ды яшчэ і загадваюць, за каго.

І рэктар БрДУ Мечыслаў Часноўскі, і прарэктар БрТУ Вячаслаў Драган запэўнівалі спадарыню Лаўроўскую, што не ведаюць, каб быў нейкі прымус. Праўда, абодва казалі, што “альтэрнатывы няма”. Рэктар Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэту сказаў яшчэ, што студэнты “ідуць галасаваць датэрмінова, бо прагматыкі”, адзначыла грамадская актывістка.