Брэсцкую актывістку дэмсіл Паліну Шарэнду-Панасюк дапыталі ў КДБ
Брэсцкую актывістку дэмакратычных сіл Паліну Шарэнду-Панасюк 19 студзеня дапыталі ў КДБ.
Як паведаміла БелаПАН Шарэнда-Панасюк, раніцай 19 студзеня на хатні тэлефон пазваніў следчы КДБ і заявіў, што яна ці яе муж Андрэй Шарэнда могуць днём прыйсці ў КДБ і забраць канфіскаваныя ў іх падчас вобыску 10 студзеня рэчы.
"Калі я сёння пасля 16.00 прыйшла ў КДБ, мне прыкладна паўтары гадзіны задавалі пытанні як сведцы па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Мінску. На ўсе пытанні я адказвала, што буду даваць сведчанні толькі міжнароднаму трыбуналу па расследаванні злачынстваў рэжыму Лукашэнкі", - распавяла актывістка.
Паводле слоў Шарэнды-Панасюк, пасля допыту ёй вярнулі частку канфіскаванага ў кватэры падчас вобыску: фотаапарат і яе мабільны тэлефон. Не вярнулі ноўтбук, бел-чырвона-белы сцяг, дыск з фільмам Юрыя Хашчавацкага "Плошча".