Брэсцкую міліцыю абавязалі лепш працаваць са зваротамі грамадзян

Міліцыянтаў Брэстчыны, якія займаюцца рэгістрацыйнай і прафілактычнай працай з грамадзянамі, збіралі на навучальна-метадычны збор. Супрацоўнік прэс-службы Брэсцкага абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў Анатоль Ціхан паведаміў Еўрарадыё:
"Сабралі каля 300 участковых інспектараў, інспектараў па працы з непаўналетнімі. Яны мусілі выканаць некаторыя фізічныя нарматывы і тэарэтычныя выпрабаванні. Ім былі прачытаныя лекцыі ў сувязі са зменамі ў заканадаўстве. Перад афіцэрамі выступіў кіраўнік Брэсцкага ўпраўлення ўнутраных спраў Уладзімір Сычэўскі. Ён сказаў, што да яго на стол кладуцца скаргі на працу ўчастковых з боку грамадзянаў і што трэба палепшыць працу са зваротамі грамадзянаў". 

Дарэчы, дзякуючы нядаўняму падвышэнню акладаў, участковыя цяпер няблага забяспечаныя матэрыяльна. Абласное кіраўніцтва паклапацілася, каб яны не мелі праблемаў з жыллём і транспартам, сказаў спадар Ціхан.