Брэстаўчанін: сталіністы рабілі на нас медыцынскія доследы

Доктар навук, прафесар Марат Краўцоў заявіў, што ў дзяцінстве над ім і групай іншых "дзяцей ворагаў народу" праводзіліся доследы Бацьку Краўцова расстралялі ў 1939 годзе без суда і следства. Цяпер пагоршыўся стан здароўя Марата Васільевіча, і ён вырашыў: надыйшоў час зрабіць прызнанне.

Марат Краўцоў: "Маю маці забілі ў вайну, пасля вайны мяне адразу накіравалі ў дзіцячы дом. Дзіцячы  дом быў як калонія агульнага рэжыму на сёння. Парадкі такія самыя. У тым доме былі дзеці так званых "ворагаў народу". Гэта ў каторых бацькі “ворагі народа” былі. І мой бацька, значыць, таксама.

Аднаго дня  з’явіліся трое мужчынаў і зрабілі адбор. Чалавек 10 – 12. Я прачнуўся – дзе мае сябры? Ад мяне не схавацца было, мы там усе закуткі ведалі. Дык я іх знайшоў у лазні. Куды вас? А вось, у Віцебск. Дык гэта ж мае сябры, і я паеду! Адзін з мужчынаў на гэта паблажліва: ну калі хочаш, дык давай. Завезлі нас у Віцебск у дыспансер і там абпраменілі Абпраменілі галаву. Па 200 рэнтген далі.  Эксперыменты  ладзіліся над дзецьмі. Для таго, каб выявіць, як дзейнічае радыяцыя"
.

Пасля дзеці хадзілі па дзіцячым доме ў жоўтых шапачках – валасы павылазілі.

Летась Марат Краўцоў звяртаўся ў віцебскае ўпраўленне аховы здароўя з запытам пра дэталі гэтага эксперыменту, каб належным чынам скарэктаваць сваё лячэнне. Але яму адказалі: пра такія экспрыменты звестак няма.   

Еўрарадыё запыталася ў кандыдата гістарычных навук Ігара Кузняцова, даследчыка сталінскіх рэпрэсіяў: ці вядомыя факты пра медычныя доследы над вязнямі ў сталінскія часы?

Ігар  Кузняцоў: "Я не магу прывесці прыклады, каб у якіх-небудзь лагерах ГУЛАГа былі створаныя лабараторыі, дзе даследаваліся б чалавечыя органы альбо ўплыў, скажам, абпраменьвання, марозу на чалавечы арганізм. Я не сустракаў такую фактуру, каб гэта праводзілася цэнтралізавана. Аднак гэта магло быць, напрыклад, з ініцыятывы начальніка нейкага лагера".

Прафесар Краўцоў памятае, што дзіцячы дом, пра які ішла гаворка, быў у 80 кіламетрах ад Віцебску. Ён амаль нічога не ведае пра лёс сваіх сяброў. За даўнасцю часу шмат дэталяў сцёрліся з памяці. Можа, хто з слухачоў “Ёўрарадыё” нешта распавядзе?