Брэстаўчаніна аштрафавалі за перадвыбарчы пікет
Прычым фармулёўку парушэння мянялі два разы.
30 студзеня на перадвыбарчым пікеце актывіст Аб'яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Вуек раздаваў партыйны бюлетэнь.
Суд пакараў яго за дзеянні, не дазволеныя Выбарчым кодэксам. Сам Вуек не згодны з прысудам і абскарджвае яго. Актывіст лічыць, што раздача інфармацыйных матэрыялаў не з’яўляецца забароненым дзеяннем.
Уладзімір Вуек: “Мы абскарджваем пастанову суда ў касацыйным парадку. Ні ў Выбарчым кодэксе, ні ў якіх нормах закона не сказана, як забараняецца праводзіць падобнае мерапрыемства — пікет ініцыятыўнай групы ў падтрымку прэтэндэнта на дэпутацтва. Мы раздавалі наш партыйны бюлетэнь. У заканадаўстве нідзе гэта не забаронена. Агітацыі не было. У гэтым бюлетэні нічога не казалася пра канкрэтнага кандыдата на ўдзел у выбарах, пра Дыяну Касцюковіч".
Са словаў Вуека, непасрэдна на пікеце міліцыянты казалі, што ён праводзіцца ў забароненым месцы. Потым у ідэалагічным аддзеле гарвыканкама склалі пратакол аб тым, што з імі не ўзгаднілі фармат правядзення пікета. А ўрэшце ў судзе прагучаў трэці варыянт.