"Бронзавыя коні" ад мінскай ратушы "ўскакалі" ў Табольск

Год таму каля мінскай гарадской ратушы была ўсталявана скульптура "Пара канёў, запрэжаная ў двуколку". Праз некалькі месяцаў у Табольску каля мастацкага музея з'явілася дакладная копія мінскага помніка. Табольскія ўлады не ведалі пра мінскі клон. Нават аўтар скульптуры Уладзімір Жбанаў не адразу прыгадаў, што дазволіў "саслаць" сваіх "канёў" у Сібір. Усталяваннем табольскай копіі займаўся расійскі фонд скульптараў "Единение". Менавіта ён выступіў пасярэднікам паміж беларускім ліцейным прадпрыемствам і гарадской адміністрацыяй Табольска. Але дырэктар фонду Аляксей Цютнеў сцвярджае, што помнікі вельмі адрозніваюцца. Прынамсі, называюцца па-рознаму. Да таго ж у іх розны "нейкі антураж".

Аляксей Цютнеў: У табольскай скульптуры ёсць адрозненні ад мінскай. Напрыклад, у назве. У нас яна называецца "Пара канёў, запрэжаная ў экіпаж", а ў Беларусі "Пара канёў, запрэжаная ў двуколку". Я прасіў, каб скульптуры вельмі адрозніваліся. Яны і адрозніваюцца назвамі, карэтамі і нейкім антуражам.

Дырэктар беларускага ліцейна-мастацкага прадпрыемства "Ліцейны двор" Мікалай Сталяр, які працаваў раней на прадпрыемстве, што займалася табольскай і мінскай скульптурай, не ведае ні пра які "нейкі антураж". Скульптуры аднолькавыя, гаворыць ён, копіі.

Мікалай Сталяр: Скульптуры ў Мінску і Табольску аднолькавыя. Гэта копіі.

У муніцыпалітэце Табольска вельмі здзівіліся, калі даведаліся, што у іх "Пары канёў" існуе пара ў Мінску. Фонд "Единение" умаўчаў пра гэта.

Адміністрацыя Табольска: Нам сказалі, што такі помнік адзін, і мы не ведалі пра копію, якая стаіць у Мінску. Хацелася, каб у кожным горадзе былі ўнікальныя скульптуры, але што тут паробіш, калі ўжо так склалася.

Скульптар Уладзімір Жбанаў узгадаў, што "даў дабро" на выраб копіі, але дакладна не памятае, у які горад Расіі яна патрапіла — кудысьці ў Сібір. Жбанаў наогул не супраць таго, каб яго скульптуры кланаваліся. Яны ўжо і клануюцца. Напрыклад, "Даму с сабачкам" можна пабачыць каля мінскай "Камароўкі" і побач з драмтэатрам у Магілёве. "Дама на лаўцы" ёсць у Мінску, а яе копія да нядаўняга часу знаходзілася на пяцігадовай выставе пад адкрытым небам ў нямецкім горадзе Дзюсельдорфе. Зараз яна "едзе" да аўтара, і хто ведае, у якім горадзе яна з'явіцца пасля вяртання.

У размове з Еўрарадыё Уладзімір Жбанаў нагадаў, што ў свеце існуюць дзве статуі Свабоды — ў Парыжы і ў Амерыцы, а "Хлопчыкаў з гусаком", які стаіць у скверы каля Кастрычніцкай плошчы, ажно 200 штук па ўсім свеце. І гэта нармальна, таму што копія лепш за тыраж.

Уладзімір Жбанаў: Колькі, вы думаеце, ёсць копій "Хлопчыкаў з гусаком" — помнік на адкрыццё вадаправода ў Мінску, падараваны Францыяй? Дзвесце штук стаіць па ўсяму свету! Дзве статуі Свабоды ёсць: адна ў Парыжу, другая ў Амерыцы. Копія – гэта не тыраж, іх колькасць абмежаваная.

Заказаць копію скульптуры Жбанава можа не толькі гарадская ўлада ці прадпрыемства, а нават шэраговы чалавек пры наяўнасці грошай. Для гэтага можна звярнуцца да ліцейніка Сталяра, дырэктара вышэйзгаданага беларускага прадпрыемства "Ліцейны двор". Там вам адліюць не тое што карэту, як у Мінску і Табольску, а нават і кучара.

Мікалай Сталяр: Ніякіх праблем. Мы можам яшчэ і кучара туды адліць.


Так выглядаюць коні ў Мінску (фота — vikingaon)


А гэтая скульптура стаіць у Табольску (фота — Валеры Чаркоў)