Б.Сакалоўскі: "Газпрам" проста не мае газу для Еўропы

Затрымка ў аднаўленні паставак расійскага прыроднага газу ў Еўропу праз Украіну сведчыць пра тое, што "Газпрам" не мае дастатковай колькасці гэтай сыравіны, заявіў у панядзелак Багдан Сакалоўскі, дарадца прэзідэнта Юшчанкі ў справе энергетычнай бяспекі.

"Усё паказвае на тое, што кіраўніцтва РФ і Газпрому блефуе перад светам, разыгрываючы ўкраінскую карту і адначасна не маючы магчымасці выканаць абавязальніцтвы у дачыненні да еўрапейскіх спажыўцоў газу. Еўрасаюз павінен высветліць рэальную сітуацыю з рэсурсамі газу ў Расіі, асабліва з рэсурсамі, якія мае “Газпрам”, – заявіў Сакалоўскі.

Дапушчэнні, што Расія проста не мае дастатковай колькасці газу для паставак па-за свае межы, выказаў тыдзень таму ўкраінскі энергетычны эксперт Міхайла Ганчар. Ён тады сказаў, што радыкальнае скарачэнне паставак газу выкліканае павелічэннем яго спажывання на расійскім рынку: "З-за маразоў рэзка павялічылася спажыванне газу ў самой Расіі. Спраўджваюцца падазрэнні, што “Газпром” проста не мае газу, каб слаць яго ў еўрапейскія краіны".

ONET