БТ пераблытала дзень і час выступаў кандыдатаў на прэзідэнта

Віталь Рымашэўскі выступіць у эфіры Белтэлерадыёкампаніі першым сярод кандыдатаў у прэзідэнты. Як паведаміў БелаПАН Павел Севярынец, 18 лістапада яму патэлефанавала каментатар Белтэлерадыёкампаніі Вольга Спехава і паведаміла, што Рымашэўскі павінен выступіць па тэлебачанні 24 лістапада ў 19.00. Для гэтага яму трэба будзе прыбыць у Белтэлерадыёкампанію ў 18.00, каб падрыхтавацца да выступу. Аднак, згодна з лёсаваннем, Рымашэўскі павінен быў выступаць 22 лістапада. Пра гэта Севярынец і заявіў Спехавай. На 18.00 24 лістапада запланавана сустрэча з кандыдатамі ў прэзідэнты на Кастрычніцкай плошчы Мінска. Паплечнікі Рымашэўскага палічылі, што такім чынам БТ збіралася сарваць мерапрыемства. Разам з тым на тэлебачанні заявілі, што проста пераблыталі парадак выступу кандыдатаў. Яны палічылі, што чалавек, які выцягвае квіток з нумарам адзін і будзе выступаць першым. А між тым у квітку пазначаўся дзень і час выступу. Такім чынам, праблема была ўрэгуляваная. Рымашэўскі выступіць на БТ 22 лістапада.