Бубнач RHCP запісаў дзіцячы альбом

Бубнач Red Hot Chili Peppers Чэд Сміт (Chad Smith) узяў удзел у запісе альбома для дзяцей разам з вядомым акцёрам Дзікам Ван Дайкам (Dick Van Dyke).  Музыка выканаў партыі ўдарных і начытаў некалькі другарадных тэкстаў для дыска, а паміж справай дапамог 84-гадоваму Ван Дайку асвоіць прыёмы рэп-чыткі. “Я ўжо ніяк не рэпер, але ўсё ж здолеў дапамагчы Ван Дайку рознымі парадамі падчас працы над “Rhythm Train”, - кажа Чэд. – Гэта было вельмі весела”.

“Маё пакаленне не вельмі разумее хіп-хоп, – тлумачыць сам Дзік Ван Дайк. – У рэпе заўсёды выдатны біт, але – клянуся Богам! – я ніколі не разумеў ні слова з таго, што кажуць гэтыя хлопцы. Занадта ўжо хутка яны чытаюць – я не здольны іх дагнаць!”.

Чэд Сміт таксама выступіў супрадзюсерам “Rhythm Train” - разам з заснавальніцай праекта LA Kids Лэслі Бікслер, якая адзначыла “захапляльны камедыйны талент” Чэда.

На дыск, выйсце якога чакаецца ў канцы месяца, увайшлі 13 трэкаў.

Нагадаем, што зараз Сміт таксама заняты працай над новым альбомам Red Hot Chili Peppers. Дата выхаду паслядоўніка “Stadium Arcadium” пакуль не называецца.

Фота: freedrumlessons.com