Будаўніцтва аграгарадкоў сусветны крызіс не спыніць

Нават калі ў год яны абыходзяцца дзяржаве столькі ж, колькі Беларусь просіць крэдытам у МВФ — 2 мільярды долараў. У межах праграмы адраджэння сяла да 2010 года плануецца пабудаваць 1481 аграгарадок. Цяпер ужо ёсць недзе палова. На рэалізацыю гэтай праграмы толькі ў мінскай вобласці, як піша газета “Беларуская Ніва”, за 2007 год было “асвоена” 2 мільярды долараў. Менавіта столькі цяпер нашая краіна просіць у крэдыт ад МВФ. Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці не збіраецца дзяржава ў крызісны час зэканоміць грошы на такім важным нацыянальным праекце?

Праграма будзе працягвацца - супакойваюць ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі. Начальнік аддзела інфармацыі, кантролю і сувязі з прэсай, Мікалай Чупік паведаміў, што крызіс не ўплывае гэта:

Мікалай Чупік: “Я лічу, што праграма прынятая. Яна павінна выконвацца. А крызіс не павінен на гэтыя пытанні адмоўна ўздейнічаць. Таму праграма будзе выконвацца”.

У Карэліцкім раёне два населеныя пункты да канца года атрымаюць статус аграгарадкоў. На пабудову дамоў і сацыяльных аб’ектаў толькі у вёсцы Аюцавічы і гарадскім пасёлку Мір “асвоілі” больш за 5,5 мільёнаў долараў.

У наступным годзе ў раёне плануецца абсталяваць яшчэ 3 аграгарадкі, там спадзяюцца на тое, што крызіс хутка пройдзе. Таму пакуль невядома, што будзе з праграмай, распавяла Еўрарадыё Ніна Харошка, начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Карэліцкага райвыканкама:

Ніна Харошка: “Мы тры аграгарадкі плануем абсталяваць. Але ў нас планы толькі. Тое, што намецілі, што трэба зрабіць. Сумы там прыблізна агаварылі. Але пакуль невядома, як там будзе. Можа, гэта толькі да канца года гэтага, а там усё пойдзе зноў нармальна”.

Эканаміст Міхаіл Залескі лічыць, што будаўніцтва аграгарадкоў лабіруюць людзі, якія зарабляюць на гэтым грошы, таму будаўніцтва будзе працягвацца:

Міхаіл Залескі: “Працягваць будуць. І будуць будаваць, будаваць і будаваць. Таму што гэтая геніяльная ідэя ў мяне дома ўтрымліваецца ў энцыклапедыі сельскагаспадарчай 1953 года. Можна паглядзець там пра аграгарадкі – гэта сталінская ідэя. Не спыніць, не стрымаць гэтых людзей, бо гэта лобі, якое зарабляе грошы на будаўніцтве аграгарадкоў”.