Будаўніцтва касцёла ў Маладзечне падганяецца пад "Дажынкі"
Як паведамілі каталіцкія вернікі, мясцовыя ўлады настойваюць на паскарэнні тэмпаў будаўніцтва.
У Маладзечне ідзе будаўніцтва новага касцёла. На пашпарце будаўніцтва пазначана, што аб’ект павінны быць завершаны ў 2012 годзе. Але, як паведамілі каталіцкія вернікі, мясцовыя ўлады настойваюць на паскарэнні тэмпаў будаўніцтва. Звязана гэта з тым, што сёлета Маладэчна будзе сустракаць "Дажынкі": недабудаваны аб’ект, напэўна, сапсуе святочны настрой.
Касцёл святога Казіміра будуецца на грошы беларускіх і замежных вернікаў. Прыхажанам вядома, з якой цяжкасцю ідзе будаўніцтва, здабываюцца на гэта сродкі. Пачатак будаўніцтва тармазіўся з-за перашкодаў з боку мясцовых уладаў, а зараз – наадварот – трэба хутчэй дабудоўваць, бо размяшчаецца касцёл у цэнтральным месцы, насупраць будучага "Лядовага палаца" – на шляху "Дажынак", паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".