Будаўнік "Бабруйск-Арэны" трапіў пад следства

Генеральная пракуратура Беларусі распачала крымінальную справу на намесніка старшыні Бабруйскага гарвыканкаму Сяргея Валяватага. Па звестках газеты "Ежедневник", яго вінавацяць у прычыненні шкоды камунальнаму прадпрыемству ў асабліва буйным памеры. С.Валяваты быў прызначаны на пасаду намесніка старшыні Бабруйскага гарвыканкама прыкладна год таму. Па сваіх службовых абавязках ён курыраваў будаўнічую галіну і адказваў за пытанні капітальнага і індывідуальнага будаўніцтва ў горадзе. У тым ліку Валяваты кіраваў і будаўніцтвам стадыёна "Бабруйск-Арэна", адкрытага нядаўна з вялікай помпай.

Прэтэнзіі следства датычаць таго перыяду дзейнасці С.Валяватага, калі ён кіраваў Бабруйскім камунальным вытворчым прадпрыемствам "Камбінат жалезабетонных вырабаў".

Разам з намеснікам старшыні гарвыканкаму пад крымінальны пераслед трапілі намеснік дырэктара КЖВ і памочнік дырэктара. Паводле папярэдніх звестак, усе трое з 2006-га па 2007 год прычынілі прадпрыемству шкоды на суму 473 млн руб.