Былы дыпрадстаўнік Эстоніі ў Беларусі стаў ахвярай Photoshop’а

Эстонскі саюз фотажурналістаў пры дапамозе экспертаў па кампутарнай праграме апрацоўкі фатаграфіяў Adobe Photoshop знайшоў відавочныя прыкметы падробкі ў трох фатаздымках, звязаных са скандалам вакол паўнамоцнага паверанага Эстоніі ў Беларусі Хары Лахтэйна, паведамляе rus.delfi.ee. Паводле суправаджаючай файлы інфармацыі, усе адпраўленыя эстонскім СМІ фота былі зроблены аматарскай камерай Canon EOS500. Частка файлаў мае прыкметы таго, што яны былі апрацаваныя ў праграме, прызначанай для простых карыстальнікаў. Пры гэтым Саюз фотажурналістаў адзначае, што суправаджаючую файлы інфармацыю пры жаданні таксама можна падрабіць.

Саюз запрасіў экспертную ацэнку ў рэкламных фатографаў Хейкі Лаана і Вірго Хаана, па словах якіх у двух фотаздымкаў ёсць відавочныя прыкметы фальсіфікацыі — твар іншага чалавека заменены тварам Хары Лахтэйна, узятага з другой фатаграфіі той жа серыі. На думку фатографаў, з 18 фотаздымкаў яшчэ 6 падвергнуліся значнай апрацоўцы.