Былы калектыў "Навінак" будзе друкаваць "Піўную газету"

Мінінфармацыі зарэгістравала недзяржаўнае выданне "для вольнага часу" — "Піўную газету". Галоўны рэдактар новай газеты Паўлюк Канавальчык кажа, што гэта будзе газета "пра піва і пад піва". Паўлюк Канавальчык: "Піўная газета" — гэта новы праект, які робіцца калектывам зачыненай газеты "Навінкі". Калі ў "Навінках" мы займаліся пытаннямі палітычнай псіхапатыі, то зараз нас больш цікавіць пабытовы алкагалізм і яго ўплыў на беларускую ментальнасць. Калі коратка, канцэпцыя газеты выглядае так: пра піва і пад піва.

Па словах Паўлюка Канавальчыка, з рэгістрацыяй праблем не ўзнікла. У канцы траўня падалі дакументы ў Мінінфармацыі, а роўна праз месяц ужо атрымалі пасведчанне.

Нагадаем, газету "Навінкі" прыпынілі ў траўні 2003 года пасля вынясення Міністэрствам інфармацыі двух папярэджанняў запар — "за парушэнне маральных нормаў" і "абразу прэзідэнта". Пасля заканчэння тэрміну прыпынення "Навінкі" не змаглі заключыць дамову ні з адной беларускай друкарняй, і праз год страцілі рэгістрацыю.