Былы «вясёлы дом» у Пінску зноў у аварыйным стане

Не шанцуе “Мэбляваным пакоям Арона Гольцмана” – 25 год таму  будынак былога публічнага дому ў Пінску быў зруйнаваны. На ягоным месцы паставілі архітэктурную копію, і зноў - аварыйны стан. Божая кара?
Даведнік “Пінск”, выдадзены ў 1932 г., утрымлівае звесткі пра 5 публічных дамоў. Калі верыць колішняй рэкламе, “Мэбляваныя пакоі Арона Гольцмана” былі найбольш папулярныя ў тутэйшых валацугаў за спадніцамі. Утульны двухпавярховы домік арыгінальнай архітэктуры меў забаўляльны салон, вокны пад аркамі, з двух бакоў балкончыкі, упрыгожаныя каванымі аздобамі. Уваходныя дзверы таксама былі каваныя, а дзвярная клямка - ў выглядзе птушынай галоўкі.

Багата было чутак пра разбэшчанасці і вар’яцтва ў шыкоўным доміку. Вядома, што ў апошнюю вайну немцы таксама прыстасоўвалі пінскі асабняк пад свой бардэль.
Словам, месца набыло сумную вядомасць. На вулічным перакрыжаванні ля яго часта здараліся аварыі, гінулі людзі. У 1970-ыя ў сценах будынку з'явіліся трэшчыны. У 1980 г. аварыйны на той час асабняк вырашылі знесці. Але тады і да Пінска дакацілася хваля заступніцтва за архітэктурнае аблічча мінуўшчыны.

Дырэктар камбіната будаўнічых матэрыялаў Барыс Косцін прапанаваў кампраміснае рашэнне: састарэлы дом Гольцмана разбурыць, а на яго месцы збудаваць копію. Гэта быў першы ў Пінску досвед у рэгенерацыі. А калі ў адноўленым асабняку адбылося адкрыццё першага на беларускім Палессі шахматнага клуба, то пра домік ля плошчы Леніна напісалі ўсе газеты Савецкага Саюза.

Там займаліся адначасова амаль 100 аматараў шахмат і шашак, нават адбыўся паўфінал першынства СССР “Белая ладдзя” сярод моладзі, а ў 1993 г. – Першы чэмпіянат свету па рускіх шашках. Гасцямі клуба былі экс-чэмпіёны свету Тыгран Петрасян, Міхаіл Таль, Барыс Спаскі.

Нядаўна шахматнаму клубу споўнілася 25 гадоў. Юбілейных урачыстасцяў не было. Двухпавярховы домік ля плошчы Леніна зноў развальваецца, сцены пабілі трэшчыны. Уся канструкцыя пагражае абвалам. Ва ўпраўленні архітэктуры і горадабудаўніцтва Пінска зроблены дакументальныя высновы, што разбурэнні – «віна» ажыўленага скрыжавання.
Пашкодзілі трываласці таксама земляныя працы пры ўзвядзенні побач гандлёвага цэнтру “Піна”.

Ёсць у Пінску людзі, якія прарочаць гібель будынку ля плошчы Леніна. Просяць Божую кару за колішнюю распусту на гэтым месцы. Але пачакаем. Якраз аддзел адукацыі гарвыканкаму замовіў праект капітальнага рамонту. Геафізічныя даследаванні робіць прыватная архітэктурная кампанія “Марс”.

Рэгіён.BY

Здымак: Пінск гістарычны