Былыя пустэльнікі не жадаюць мяняць лад жыцця

Дэпартаваныя з Расіі пустэльнікі з Беларусі па-ранейшаму адмаўляюцца атрымоўваць пашпарты і набываць ежу ў крамах. На іх думку, у індывідуальных нумарах і на чэках ёсць “лічба д’ябла”.  За тыдзень жыцця на радзіме ніхто з іх не звярнуўся па дапамогу да мясцовых уладаў і лекараў. Былая пустэльніца Валянціна Панядзельнік з вёскі Мацясы Жабінкаўскага раёна адмовілася ад адраснай дапамогі, якую прапанаваў райвыканкам. Вядома, што двое непаўналетніх дзяцей Валянціны дагэтуль не наведваюць школу, а сама пустэльніца па-ранейшаму ўпэўненая ў хуткім канцы свету.

Другая пустэльніца, Іна Вабішчэвіч, зачынілася на сваім падворку ў вёсцы Глінянка Кобрынскага раёна. Жанчына нікога не пускае на падворак, дзе разам з сям’ёй даглядае вялікі агарод. Невядома, ці жывуць з Інай двое яе старэйшых дзяцей, якія не падзяляюць рэлігійных поглядаў маці і адмовіліся ад пілігрымкі ў вёску Паганаўка.

Да гэтае пары ніхто з беларускіх былых пустэльнікаў не атрымаў пашпарт, але і не прыцягваўся да адказнасці за парушэнне пашпартнай дысцыпліны. Мясцовыя ўлады лічаць, што сітуацыя праз нейкі час стабілізуецца сама.

Аляксей МУРЛАНАЎ, Еўрарадыё, Брэст