Целы беларускіх турыстаў з Мурманску даставяць на радзіму спецвагонам

Целы загінулых у Мурманскай вобласці беларускіх турыстаў будуць дастаўленыя на радзіму спецвагонам. Як паведамляе БелаПАН, хутчэй за ўсё, вагон адправіцца з Мурманска ўвечары 13 сакавіка. Нагадаем, трагедыя адбылася 8 сакавіка ў Мурманскай вобласці. Снежная лавіна накрыла шасцярых беларускіх турыстаў. Двум з іх, Аляксандру Юрагу і Дзмітрыю Фаміну, удалося выратавацца. Увечары 9 сакавіка яны дабраліся да людзей і паведамілі пра здарэнне. Чатыры турысты — Міхаіл Карпеш, Яўген Траскевіч, Дар'я Трацынская і Аляксандра Коўган — загінулі. Усе яны з Брэста.

12 сакавіка ў Мурманску чакаюць прыбыцця сваякоў самалётам з Санкт-Пецярбурга. Сваякі прымуць удзел у апазнанні целаў, а потым адправяцца на радзіму таксама ў спецвагоне.