Чацвёра беларусаў стартуюць у 91-м чэмпіянаце НХЛ

Заўтра, 4 кастрычніка, матчамі ў Празе і Стакгольме пачынаецца 91-ы па ліку чэмпіянат Нацыянальнай хакейнай лігі (НХЛ) - найстарэйшага ў свеце і самага папулярнага клубнага турніру. У ім прымаюць удзел беларускія хакеісты. У Паўночнай Амерыцы чэмпіянат НХЛ уступіць у правы з 9 кастрычніка, калі пачнуць змаганне яшчэ 8 клубаў. Сярод іх і новая каманда беларускага форварда Міхаіла Грабоўскага "Таронта Мэйпл Ліфс", куды ён перайшоў з "Манрэаль Канадыенс".

У "Манрэалі" ж засталіся два наваполацкія браты Касціцыны - 23-гадовы Андрэй і 21-гадовы Сяргей. Чацвёртым прадстаўніком "беларускага дэсанту" ў НХЛ з'яўляецца 33-гадовы абаронца Руслан Салей, які пачне ўжо 12-ы свой сезон у наймацнейшай лізе планеты. З лютага гэтага года беларус выступае ў "Каларада Эвеланш".

На працягу сезону ў Нацыянальнай хакейнай лізе могуць з'явіцца яшчэ некалькі беларускіх хакеістаў. Кантракты з клубамі НХЛ маюць абаронцы Сяргей Коласаў ("Дэтройт Рэд Уінгз") і Ўладзімір Дзянісаў ("Нью-Ёрк Рэйнджэрс"), а ў структуры "Таронта Мэйпл Ліфс" значыцца нападаючы Міхаіл Стэфановіч. Праўда, прабіцца ў асноўны склад яны не здолелі.

Шанец дэбютаваць у НХЛ мае і беларускі нападаючы Сяргей Дэмагін: ён падпісаў дамову з камандай АХЛ "Хартфорд Вулф Пак", якая з'яўляецца фарм-клубам "Рэйнджэрс".

БЕЛТА