Чаго чакаць Беларусі ад змены расійскага прэм'ера?

Аляксандр Мілінкевіч, Павел Шарамет і Валерый Карбалевіч каментуюць “Еўрарадыё” сённяшнюю адстаўку расійскага ўраду Міхаіла Фрадкова. Чакаецца, што яго месца зойме будучы пераемнік Пуціна. Палітолаг Валерый Карбалевіч лічыць, што змена прэм’ера ніяк не паўплывае на адносіны Масквы і Мінска.

“Урад у Расіі, як і ў Беларусі – тэхнічны. Ён не вызначае палітыкі, а працуе ў рамках тых даручэнняў прэзідэнта, якія ён атрымаў. Таму чакаць нейкіх сур’ёзных зменаў наўрад ці магчыма”, кажа Карбалевіч.

З ім пагаджаецца журналіст Павел Шарамет. На яго думку, да вясны 2008-га, да прэзідэнцкіх выбараў у Расіі, прынцыповых зменаў у беларуска-расійскіх адносінах не прадбачыцца.

“Знешнюю палітыку Расіі асабіста вызначае прэзідэнт Уладзімір Пуцін. А адносіны прэзідэнта Пуціна да прэзідэнта Лукашэнкі вядомыя”, - гаворыць Шарамет.

Ён перакананы, што, хутчэй за ўсё урад ачоліць чалавек, абраны пераемнікам. У свой час сам Уладзімір Пуцін па гэтай схеме ўвайшоў у вялікую палітыку і таксама стаў спачатку пераемнікам (кіраўніком ураду), а пасля і прэзідэнтам, нагадвае Шарамет.

“Наўрадці да таго часу, як гэты чалавек стане прэзідэнтам можна чакаць нейкіх сур’ёзных зменаў палітыкі, самастойнай гульні”, лічыць Валеры Карбалевіч.

“Хто б не прыйшоў на пасаду прэм’ера, палітыка расійская будзе захоўвацца такая самая, як і сёння. Расія будзе праводіць прагматычную рынкавую палітыку з Беларусяй, - гаворыць лідэр руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч. - Мне здаецца, што Іваноў – гэта палітык больш жорсткі, палітык, які напэўна будзе патрабаваць ад Беларусі адказу на пытанне: “Альбо саюзная дзяржава, альбо нармальныя цэны”.

І я думаю, што нават калі на яго месцы будзе іншы чалавек, той жа Мядзьведзеў, усё роўна вяртання да старых часоў не будзе. Ужо нельга будзе за імітацыю сяброўства мець падарункі з Масквы”.

Як стала вядома, насуперак прагнозам, Уладзімір Пуцін прапанаваў у Дзярждуму не кандыдатуру першага віцэ-прэм'ера Сяргей Іванова, а Віктара Зубкова (на здымку), кіраўніка фінансавай выведкі пры Мінфіне Расіі. Праз 3 дні яму споўніцца 66 гадоў.

Фота — lenta.ru