Чалы: Беларусь можа пачаць адбіраць транзітны газ

Скарачэнне паставак у Беларусь расійскага газа на 85% можа завяршыцца несакцыянаванымі заборамі транзітнага паліва, што ідзе з Расіі ў Еўропу. Пра гэта Еўрарадыё заявіў эканаміст Сяргей Чалы, каментуючы скарачэнне паставак газа на 15%. Сяргей Чалы: “Зараз атрымліваецца, што абодва бакі пайшлі на прынцып, і аднабаковае спыненне канфлікту будзе азначаць для таго ці іншага боку ў пэўным сэнсе страту аблічча. Стане зразумела, што хтосьці кагосьці перамог. І я баяюся, што справа дойдзе да яшчэ больш цяжкіх момантаў. Калі справа сапраўды дойдзе да перакрыцця альбо несанкцыянаванага адбору транзітных аб’ёмаў...”

Што тычыцца скарачэння паставак газу на 15%, то, кажа Чалы, паколькі летам спажыванне газу скарачаецца, гэта не будзе мець для нашай эканомікі нейкіх заўважных наступстваў. Але калі справа дойдзе да скарачэння паставак на 85%, сітуацыя будзе выглядаць зусім па-іншаму.

Сяргей Чалы: “85% - гэта вельмі крытычна. Гэта будзе азначаць, што будуць працаваць толькі прадпрыемствы жыццязабеспячэння – хлебазаводы, малаказаводы і гэтак далей. Прадпрыемствы няспыннай вытворчасці, накшталт “Гроднаазота”, “Хімвалакна” і шклозавода “Нёман”, куды газ павінен падавацца няспынна, то пытанні іх далейшай працы становяцца вельмі сумнеўнымі”.

На думку Чалага, Беларусь у гэтым канфлікце ад пачатку паводзіла сябе няправільна. Трэба было, лічыць эканаміст, адразу заплаціць 200 мільёнаў долараў запазычанасці, паказаць усім, як Расія лічыць кожную дробную капейку, і стварыць сабе пазітыўны імідж. Зараз, кажа эксперт, прадказаць, чым закончыцца супрацьстаянне, вельмі складана.

Нагадаем, што сёння раніцай Расія скараціла пастаўкі прыроднага газу ў Беларусь на 15%. Падставай стала нявыплачаная запазычанасць на газ у памеры 200 мільёнаў долараў.