Чалы: вам любы сямейны псіхолаг растлумачыць, чаму беларусы сварацца
Чаму беларусы сварацца? / pixabay
Аналітык Сяргей Чалы паспрабаваў растлумачыць, чаму беларусы пачалі сварыцца адно з адным — і як выйсці з гэтага заганнага кола скандалаў.
— Тое, што цяпер адбываецца, гэта звыродны выхад непрапрацаванай фрустрацыі. Я шматкроць казаў, што мы сутыкнёмся з перыядам траўмы. Толькі што мы былі ўлюбёным сынам Захаду, і тут нараджаецца немаўля. Як пачынае паводзіць сябе старэйшы сын? У паводзінах беларусаў цяпер [пасля пачатку вайны ва Украіне. — Еўрарадыё] адбываецца тое самае.
Ён рэкамендуе беларусам прапрацаваць паняцце калектыўнай віны, і тады мы не будзем сутыкацца з "фрустрацыямі, якія прарываюцца".
— Калі няма калектыўнай віны, няма і калектыву. Ні нацыі, ні салідарнасці, ні грамадзянскай супольнасці.
А калі эмоцыі не пастаўлены ў кантэкст, раздражненне пачынае вылівацца на блізкіх. Гэта любы сямейны псіхолаг скажа. А як працуюць сямейныя сваркі? Заўсёды знойдуцца тыя, хто зойме той ці іншы бок. "Давай-давай, а яшчэ мы яму ў суп плюнем", — кажа Чалы.