Чаму "Малады Фронт" пікетаваў толькі расійскую амбасаду

У Мінску каля расійскай амбасады ў панядзелак прайшоў пікет, арганізаваны "Маладым фронтам", зарэгістраваным у Чэхіі.
Паўтара дзясяткі сябраў зарэгістраванага ў Чэхіі "Маладога фронту" стаялі насупраць будынка амбасады з плакатамі і расцяжкамі "Спыніць агрэсію", "Расія - Грузія: вайна ў міратворчых мэтах?" ды інш. Маладыя людзі скандавалі "Спыніць вайну!" і "Спыніць агрэсію!".

Наста Палажанка перадала ў амбасаду зварот, у якім адзначаецца, што акцыя "па прымусу да міру" - гэта закамуфляваныя дзеянні па анэксіі часткі тэрыторыі Грузіі. Таксама ў дакуменце ўтрымліваецца патрабаванне неадкладна спыніць ваенныя дзеянні.

Тым часам большая частка беларускіх блогераў адмоўна ўспрымаюць акцыі падтрымкі Грузіі ў яе канфлікце з Расіяй. Магчыма, гэта характарызуе пераважаючыя настроі ў беларускім грамадстве, якое атрымлівае інфармацыю пра вайну найперш з расійскіх СМІ.

Наста Палажанка кажа, што пазіцыя большасці блогераў не паўплывае на стаўленне "Маладога фронту" да расійска-грузінскага канфлікту. Тым не менш, яна прызнае і віну Грузіі ў развязанні вайны:

"Я лічу, што Грузія таксама здзейсніла памылку, але пры гэтым мусяць пачацца перамовы, вайна мусіць спыніцца".

Наста Палажанка адмаўляе заангажаванае стаўленне маладафронтаўцаў менавіта да Расіі. Але, на яе думку, усё навідавоку:

"У дзеяннях Расіі бачныя імперскія погляды. Таксама бачна, што гэта больш падобна на нейкую схаваную анэксію іншай краіны. І я перакананая, што ў дадзены момант Расія грае сваю гульню па сваіх правілах".

На здымку: Затрыманне міліцыянтамі ўдзельнікаў сённяшняй акцыі каля расійскай амбасады.

Фота - nn.by