Чаргінец павядзе калону пісьменнікаў?
Кіраўнік афіцыйнага Саюзу пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец выказаў заклапочанасць тым, што на Дне беларускага пісьменства мала прадстаўлена літаратура. Як паведамляе сайт "Электронны Барысаў", сенатар наракаў, што ў традыцыйным святочным шэсці падчас такіх мерапрыемстваў ідуць кіраўнікі, а пісьменнікі не ідуць. Ён прапанаваў, каб пісьменнікі ішлі асобнай калонай пад гукавое суправаджэнне, з якога ўсім навакольным стала б ясна, хто менавіта ідзе. Нагадаем, што Дзень беларускага пісьменства сёлета пройдзе ў Барысаве.