Чарнобыльскую зону адчыняць для свабоднага наведвання
Чарнобыльская зона ад студзеня 2011 года будзе адчыненая для свабоднага наведвання, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу ўкраінскага МНС.
Спецыялісты МНС Украіны распрацоўваюць план арганізацыі і правядзення наведванняў Чарнобыля, у прыватнасці маршруты для будучых наведнікаў, працэдуру афармлення пропускаў у трыццацікіламетровую зону адчужэння. Пра гэта заявіў у часе наведвання Прыпяці сумесна з адміністратарам Праграм развіцця ААН Хэлен Кларк галава ўкраінскага МНС Віктар Балога.
МНС Украіны таксама мае намер прыступіць да рэалізацыі праектаў, якія прадугледжваюць размяшчэнне ў Чарнобыльскай зоне вытворчасці цеплавой і электраэнэргіі. Аднак пра вяртанне ў зону адчужэння людзей для пражывання гаворка пакуль не ідзе.