Чавусаў: ЗША не дачакаліся ад Беларусі крокаў насустрач

На думку палітолага Юрыя Чавусава, працяг санкцый супраць кіраўніцтва Беларусі не стаў нечаканым крокам з боку адміністрацыі ЗША. У каментары Еўрарадыё адмысловец адзначыў, што ў нашай краіне любяць казаць, што амерыканская палітыка ў дачыненні да Беларусі змянілася. Але пры гэтым не заўважаюць, што гэта агульная змена палітыкі ЗША ў свеце.

Чавусаў: "Таму змяненне палітыкі ў дачыненні да Беларусі — гэта не было асобнае рашэнне па беларускім выпадку, гэта было змяненне падыходу да знешняй палітыкі з боку Злучаных Штатаў. Адпаведна, не было ніякай стратэгічнай перабудовы стасункаў з Беларуссю. Гэта ўсё адбывалася ў рэчышчы новай палітыкі".

З боку Беларусі ЗША чакалі крокаў насустрач — у дэмакратызацыі ці лібералізацыі ўнутранай палітыкі. І калі б такія крокі былі хаця б фармальна, то, мяркуе палітолаг, санкцыя былі б скасаваныя.

Чавусаў: "Але беларускі бок нічога такога не зрабіў. Гэты года адзначаны пагаршэннем з правамі чалавека ў тых пунктах, якія адчувальныя для амерыканскага боку. Я маю на ўвазе перш за ўсё з польскай меншасцю: адбыўся новы віток канфлікту вакол Дома польскага ў Івянцы. І ў напрамку рэлігійных свабодаў няма паляпшэння. У напрамку свабоды слова — мы бачым абмежаванне свабоды слова ў інтэрнэце".

Таму Вашынгтон, кажа палітолаг, проста закансерваваў наяўную сітуацыю, не робячы ніякіх новых крокаў.