Чэхія пацвярджае: беларускіх палітуцекачоў не экстрадуюць
Сёння суд у Празе вызваліў з-пад варты кіраўніка фонду "Адкрытая Беларусь" Змітра Сурбу, затрыманага ў мінулую суботу.
Сурба жыве ў Варшаве і мае статус палітычнага ўцекача. У адзін з паліцэйскіх участкаў Прагі ён з'явіўся сам, каб даведацца, ці будзе Чэхія затрымліваць палітычных уцекачоў з Беларусі, каго афіцыйны Мінск абвясціў ў вышук праз Інтэрпол.
Раней міністр унутраных справаў Чэхіі Радэк Ен заяўляў, што яго краіна не будзе экстрадаваць палітуцекачоў з беларускага "спісу" Інтэрпола.
Чэшскія паліцыянты затрымалі Змітра для высвятлення акалічнасцяў. Сёння пражскі суд пацвердзіў, што статус палітычнага ўцекача ў Польшчы з'яўляецца падставай для вызвалення Сурбы з-пад варты, перадае Радыё "Свабода".