"Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці" атрымалі прэміі

Арганізацыя ўзнагародзіла дыпломамі і каштоўнымі падарункамі найбольш заўважныя ў 2010 годзе ініцыятывы.

Спіс намінантаў быў склалі сябры Рабочай групы Асамблеі супольна з незалежнай экспертнай групай. Ініцыятары мерапрыемства вылучылі 9 намінацыяў. Сярод іх — "Кампанія году", "Асяродак грамадзянскай супольнасці","Новая ініцыятыва" ды інш.

Арганізатары прадугледзелі і спецыяльны прыз — "За выкарыстанне віртуальнай прасторы ў грамадскай дзейнасці". У гэтай намінацыі прэтэндэнтамі на перамогу былі блогер Ліпковіч, які ўдзельнічаў у выбарах у мясцовыя саветы, кампанія ў Фэйсбуку " Вож, проста вож", кампанія маніторынгу выбараў Electby, сабака Піф, які вучыць кампутарнай бяспецы, а таксама блогерка zmagarka (Таццяна Елавая), што правяла ў інтэрнэце грамадскае расследаванне па падзеях 19-20 снежня. Менавіта яна і стала пераможцай у гэтай катэгорыі.


Акрамя таго пераможцамі сталі: у намінацыях "Кампанія году" — "Праваабаронцы за свабодныя выбары", "Рэгіянальная падзея году" — фэст моладзевай журналістыкі "Твой стыль", "Акцыя году" — "Акцыя салідарнасці з рэпрэсаванымі 19-20 снежня", "Грамадскі лідэр году" — старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна.

Кнігарня "Ў" атрымала ўзнагароду як найбольш прывабны і ўтульны "Асяродак грамадзянскай супольнасці".